Кафэ “Купецкае” сустракае першых гасцей

Напярэдадні Новага года старажытны Давыд-Гарадок атрымаў цудоўны падарунак – утульнае і надзвычай прыгожае кафэ, куды не сорамна запрасіць  нават самага высока госця, адзначыць свата любога ўзроўню – ад дня нараджэння да… вяселля.
Размешчана новая кропка грамхарчу паміж аднайменнымі магазінам і рынкам “Давыдаўскі” (непадалёк ад аўтавакзала) і цалкам апраўдвае сваю назву – “Купецкае”. І купцы побач, і ўбранне кафэ  па вышэйшым разрадзе.
На ўваходзе ў кафэ з лёгкім намёкам на старажытны фасад – невялічкі ўтульны бар і гарэроб. А потым наведвальнікі трапляюць ў вялікую шыкоўную залу амаль на 100 пасадачных месцаў (пры неабходнасці зала змесціць і многа больш). Прыгожы камін, урачыстыя калоны, маляўнічыя краявіды старажытнага горада, навагодняя ялінка ў святочным убранні…
На стварэнне ўсёй гэтай прыгажосці пайшло каля 700 млн рублёў. Сума не малая, але ўкладзена ў патрэбную справу: не так і многа ў Давыд-Гарадку (ды і  раёне) дастойных месцаў для культурнага адпачынку.  Не камплімент, а факт: на фоне “Купецкага” іншыя кафэ, бары і нават рэстаран райцэнтра  выглядаюць менш прывабна і стыльна.
Хочацца адзначыць і тое, што асвоеная сума магла б быць значна большай, каб кафэ будавалася не ўласнымі сіламі, а з прыцягненнем іншых падрадчыкаў…
Касцяк калектыву кафэ – моладзь, якая набіраецца вопыту ад майстра сваёй справы – повара са стажам Валянціны Іванаўны Вярэніч. Зараз перад імі стаіць важная задача: прыцягнуць у кафэ пастаянных кліентаў сваімі фірменнымі стравамі і высакаякасным абслугоўваннем. Не будзем парушаць інтрыгу і пакінем жыхарам раёна магчымасць самастойна даведацца, якія стравы можна заказаць тут і з задавальненнем прадэгуставаць. Магу толькі адзначыць, што калектыў выклікаў ў карэспандэнта самыя прыемныя ўражанні: працуюць хутка, з веданнем справы і нязменнай усмешкай на твары, як і мае быць у такім месцы.
Адкрыццё кафэ “Купецкага” адбылося ва ўрачыстай абстаноўцы (на здымку) пры  ўдзеле тых адказных асоб, якія тым ці іншым чынам паспрыялі яго нараджэнню на свет.  Куратар галіны гандлю М. П. Несцяровіч, старшыня праўлення райспажыўтаварыства С. М. Крыжык, дырэктар Давыд-Гарадоцкага філіяла райпо В. І. Сімончык, старшыня Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама У. М. Галавач і інш.
Застаецца толькі пажадаць новаму кафэ пастаянных, дастойных і ўдзячных кліентаў, якія захаваюць створаную для іх прыгажосць на многія гады!
Лілія ГУШЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *